ТЭКТАНІ́ЧНАЯ СТРУКТУ́РА,

форма залягання горных парод, якая заканамерна паўтараецца ў зямной кары і абумоўлена ўздзеяннем тэктанічных сіл. Ахоплівае структуру Зямлі ў цэлым, яе асобныя рэгіёны і невял. ўчасткі. Класіфікуюць Т.с. паводле памеру (маштабу), марфалогіі і генезісу. Адрозніваюць элементарныя структурныя формы (слой, складкі, скід, зрух, насоў і інш.) і Т.с. магматычных цел (дайка, лакаліт, баталіт і інш.), якія могуць уключаць Т.с. меншых памераў — да мікраскапічных. Комплексы элементарных структурных цел групуюцца ў складаныя структурныя формы — антыклінорыі, сінклінорыі, якія ў заканамерным спалучэнні фарміруюць складкавыя сістэмы (горы); на платформах вылучаюць антэклізы, сінеклізы, аўлакагены і інш. Найб. буйныя Т.с., карані якіх паглыблены ў верхнюю мантыю, наз. глыбіннымі структурамі (кантынент. і акіянічныя платформы, акіянічныя, геасінклінальныя і арагенныя рухомыя паясы, а таксама глыбінныя разломы і рыфты). Глыбінныя структуры, якія развіваюцца пераважна ў зямной кары, наз. коравымі структурамі. Т.с. ўтвараюцца пад уздзеяннем тэктанічных рухаў, якія маюць пэўную накіраванасць і гісторыю развіцця, і сіл, што выклікаюць тэктанічныя дэфармацыі і адлюстроўваюць дынаміку працэсу. Структурная геалогія даследуе элементарныя Т.с. і Т.с. магматычных цел малых і сярэдніх форм (да 10 км у папярочніку), петратэктоніка — мікраскапічныя Т.с. магматычных цел, тэктоніка — комплексы структур буйнога маштабу (больш за 100 км).

Літ.:

Белоусов В.В. Структурная геология. 2 изд. М., 1971;

Хаин В.Е. Общая геотектоника. 2 изд. М., 1973.

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)